Апытанні сведчаць аб перамозе левай апазіцыі, але разрыў паміж правымі ды левымі сіламі на працягу апошняга тыдня скараціўся.
Грамадская тэлекампанія SVT і прыватная тэлевізійная станцыя TV4 апублікуюць вынікі апытанняў на выхадзе з выбарчых участкаў адразу пасля іх закрыцця а 20:00. Папярэднія вынікі з выбарчых участкаў пачнуць публікавацца на сайце Выбарчай камісіі ў той жа вечар. Размеркаванне месцаў у парламенце будзе абвешчана каля 22:30, пасля падліку 75% галасоў.
Адначасова сёння адбываецца галасаванне на выбарах у рэгіянальныя і муніцыпальныя саветы. У спісах больш за 54 000 кандыдатаў.
Больш за 3 мільёны з прыблізна 8 мільёнаў шведаў ужо прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні, якое пачалося 26 жніўня — на 21% больш чым на папярэдніх выбарах у 2022 годзе.У 2022 годзе яўка склала 84,2%.
Сярэдні паказчык з 16 нядаўніх сацыялагічных апытанняў, падлічаных Omni, паказвае, што апазіцыя (Рабочая партыя — Сацыял-дэмакраты, Экалагічная партыя — Зялёныя, Левая партыя і Цэнтрысцкая партыя) апярэджвае кіроўную правацэнтрысцкую кааліцыю (Умераная кааліцыйная партыя, Хрысціянскія дэмакраты, Лібералы), якая супрацоўнічае з ультраправымі Шведскімі дэмакратамі, на 3,8 працэнтных пункта. Апытанне Novus для TV4, апублікаванае раней на гэтым тыдні, паказвае, што розніца паміж блокамі складае ўсяго 2,4 працэнтных пункта, што набліжаецца да ўзроўню статыстычнай памылкі.
У адрозненне ад кампаній, якія папярэднічалі папярэднім парламенцкім выбарам, сёлетнія перадвыбарчыя дэбаты засяроджваліся на эканамічных і сацыяльных пытаннях, і ў меншай ступені — на міграцыі і барацьбе са злачыннасцю.
ПР/юл